Версия для печати
Вторник, 21 Январь 2014 10:14

Калектыў выкладчыкаў Заслаўскай дзіцячай школы мастацтваў — народны ансамбль інструментальнай музыкі "Каданс" — адзначыў 40-годдзе

Автор  МП

Творчая сустрэча, прысвечаная 40-годдзю калектыву выкладчыкаў Заслаўскай дзіцячай школы мастацтваў — народнага ансамбля інструментальнай музыкі "Каданс", стала сапраўдным святам. У школе мастацтваў сабраліся творчыя калектывы і госці. Сярод узнагарод "Каданса" — дыпломы фестывалю народнай творчасці "Напеў зямлі маёй". Званне лаўрэата атрымаў ансамбль на адкрытым рэгіянальным фестывалі песні і музыкі "Майскі вальс" на прызы кампазітара Ігара Лучанка. Калектыў таксама лаўрэат ХVІ міжнароднага фестывалю народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік", іншых прэстыжных форумаў. Святочную вечарыну адкрылі ўдзельнікі калектыву бальных танцаў "Крок". А затым на сцэну выйшлі пераможцы і прызёры рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў па спартыўных бальных танцах, чэмпіёны Рэспублікі Беларусь 2013 года па танцавальнаму шоу Сяргей Подкас і Настасся Клепча. Дарэчы, гэтая маладая танцавальная пара прадстаўляла ў верасні нашу краіну на чэмпіянаце свету па спартыўных бальных танцах у Пекіне.

…А пачыналася ўсё ў 1973 годзе, са стварэння аркестра рускіх народных інструментаў, у якім на той час было 26 музыкантаў. Першым кіраўніком і дырыжорам калектыву быў Уладзімір Краснаярцаў. На працягу творчай дзейнасці з артыстамі працавалі вядомыя дырыжоры Мікалай Трошка, Алег Шапялевіч, Вальтэр Мнацаканаў, Сяргей Кафанаў... А ў 1998 годзе кіраўніком і дырыжорам калектыву становіцца Таццяна Дубоўская. Праводзіцца рэарганізацыя і ствараецца інструментальны ансамбль выкладчыкаў школы, з’яўляецца і сама назва — "Каданс". Аркестр папаўняецца новымі інструментамі, сярод якіх флейта, скрыпка, цымбалы, басгітара, ударныя, пашыраецца канцэртны рэпертуар. У 2001 годзе калектыў узначаліла нядаўняя выпускніца Беларускай акадэміі музыкі Юлія Жураўлёва. Агульнымі намаганнямі была падрыхтавана канцэртная праграма для абароны "Кадансам" звання "народны". Адбылося гэта ў маі 2004 года. З 2008 года калектывам кіруе таленавіты музыкант, выпускнік Беларускай акадэміі музыкі, артыст Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча Мацвей Сяргееў.
 
Сёння ў аркестры шмат новых інструментаў, новых салістаў. Усе яны, як і асноўны склад калектыву, з’яўляюцца лаўрэатамі і прызёрамі міжнародных конкурсаў. Удзельнікі свята былі літаральна зачараваны прафесійным выкананнем "Кадансам" твораў беларускіх кампазітараў, прыгожым сола ў выкананні Ганны Шкурскай, Віталя Шкурскага, Святланы Ніцыпаровіч і іншых.


Таццяна КОНЮХ, "МП"

Прочитано 4277 раз