Версия для печати
Понедельник, 14 Октябрь 2019 12:55

У СЛУЦКУ ПРАЙШОЎ АГЛЯД-КОНКУРС «ВЕТЭРАНСКІ ПАДВОРАК»

Автор  Соб. Инф.

Малююць, вышываюць, робяць кошыкі з лазы, драўляныя, металічныя пано і цудоўныя лялькі, займаюцца ландшафтным дызайнам, вырошчваюць прыгожыя кветкі і разнастайную агародніну, гадуюць хатнюю жывёлу, а яшчэ прыдумляюць арыгінальныя рацэпты рознай смакаты з вырашчаных на градках агуркоў, памідораў, капусты, баклажан… Вось такія яны, пенсіянеры Случчыны – няўрымслівыя, творчыя, з разнастайнымі справамі, працалюбівыя, актыўныя, карацей кажучы, вартыя павагі і захаплення.

Гэта пацвердзілі і вынікі сёлетняга раённага агляду-конкурсу “Ветэранскі падворак”, які праводзіўся Слуцкай раённай арганізацыяй ветэранаў пры падтрымцы райвыканкама, Слуцкага раённага Савета дэпутатаў, Слуцкага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў, а таксама выстава творчых работ, вырабаў народных умельцаў  пажылога ўзросту, ветэранаў раёна “Восеньская рапсодыя”. Урачыстасць з гэтай нагоды адбылася  на мінулым тыдні ў галерэі мастацтваў у Слуцку.

Старшыня Слуцкай раённай арганізацыі ветэранаў Валянціна Сцяпанаўна Відлога, распачынаючы ўрачыстасць у галерэі мастацтваў, нагадала пра намінацыі агляду-конкурсу “Ветэранскі падворак”: “Ад прыроды – матэрыял, ад майстроў – талент”, “Кветкавая фантазія”, “Я на падворку не адзін”, “Сабе на карысць”, “Квятнік каля пад’езда”. Яна адзначыла, што случчане прынялі ў конкурсе актыўны ўдзел, парадавалі талентамі і вялікай працавітасцю. Вось і сям’я аднаго з пераможцаў конкурсу ветэрана працы Віктара Сямёнавіча Падліпскага з Лучнікоў  апрацоўвае участак у 40 гектараў, Віктар Сямёнавіч разам з жонкай гадуюць на сваім падворку дзве каровы, цяля, кабанчыка, не ўсім і маладым такое па плячы!

У ліку пераможцаў конкурсу “Ветэранскі падворак”: 1-е месца –  ветэраны працы Уладзімір Іванавіч Грышын (намінацыя “Ад прыроды – матэрыял, ад майстроў – талент”), член пярвічнай ветэранскай арганізацыі філіяла ПСГ Наша Ніва” ААТ “Слуцкі мясакамбінат” Ганна Яўгенаўна Шахновіч (“Кветкавая фантазія”), член пярвічнай ветэранскай арганізацыі ААТ “Аграфірма “Лучнікі” Віктар Сямёнавіч Падліпскі (“Я на падворку не адзін), член пярвічнай ветэранскай арганізацыі ААТТ “Вясейскі Пакроў” Таісія Міхайлаўна Перагуд (“Я на падворку не адзін”), член пярвічнай ветэранскай арганізацыі ААТ “Аграфірма “Лучнікі” Таццяна Уладзіміраўна Корзун (“Сабе на карысць”). У кагорце прызёраў агляду-конкурсу ветэраны працы, члены пярвічных ветэранскіх арганізацый: Слуцкага філіяла КУП “Мінаблкінавідэапракат” Валянцін Віктаравіч Біркас,  работнікаў культуры Слуцкага раёна Надзея Данілаўна Губчык, ветэран Узброеных Сіл Юрый Міхайлавіч Жакенаў, ДП “Саўгас “Рачкавічы” Вольга Міхайлаўна Малочка, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі ААТ “Падлессе-2003” Ніна Адамаўнв Казадоева, ветэран працы Надзея Аляксандраўна Халадкова, спецыяльным прызам адзначана уздельніца старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі  Слуцкай узбуйненай друкарни Марыя Міхайлаўна Міхалевіч.

Пераможцы конкурсу ўзнагароджаны Падзякамі Слуцкага раённага Савета дэпутатаў, граматамі і падарункамі Слуцкага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў, Слуцкага раённага савета ветэранаў, падарункамі дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціны Вітальеўны Ражанец. За актыўнасць, творчасць, цудоўныя работы дзякавалі ветэранам старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Наталля Аляксандраўна Аўсяннікава, старшыня Слуцкага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Ларыса Генадзьеўна Дабравольская, старшыня Слуцкага раённага савета ветэранаў Валянціна Сцяпанаўна Відлога, памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вера Анатольеўна Багдановіч.

Уразіла выстава “Восеньская рапсодыя”, на якой прадстаўлены разнастайныя  работы  пажылых людзей, ветэранаў Случчыны з лазы, дрэва, карціны, вышыванкі, лялькі – таленту, майстэрства нашым ветэранам  не займаць! Такая выстава  Слуцкім раённым саветам ветэранаў і Слуцкім краязнаўчым музеем праводзіцца ўжо другі год запар і, як было адзначана на адкрыцці, магчыма яна стане традацыйнай на Случчыне. Ва ўсякім разе “Восеньская рапсодыя” карыстаецца папулярнасцю ў наведвальнікаў.

І не дзіва: варта зірнуць на пано (разьба па дрэве) Уладзіміра Іванавіча Грышына – гэта філігранныя, таленавітыя, майстэрскія работы. А якая прыгожая чаканка Юрыя Міхайлавіча Жакенава, пранікнёныя, са сваім настроем і зместам, карціны Валянціны Мікалаеўны Уласавец, Валянціны Сцяпанаўны Відлога, вышыванкі  ў народным стылі Валерыя Сцяпанавічы Плявакі, Любові Гаўрылаўны Гуцавай, ладныя вырабы з лазы Таццяны Якаўлеўны Алехнік, непаўторныя лялькі наведвальнікаў аб’яднання “Добрых рук майстэрства”  (кіраўнік Юлія Валер’еўна Шаяновіч) аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту  і інвалідаў Слуцкага ТЦСАН.  Я не гавару ўжо пра шэдэўральныя, не пабаюся гэтага слова, “вышываныя карціны” Фаіны Сямёнаўны Чарнаскутавай. Над сваёй новай карцінай “Амазонка” яна працавала два гады і чатыры месяцы. Прыходзьце на выставу, паглядзіце, палюбуйцеся”.

Прочитано 3128 раз